КРЭ́ЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. у мяст. Крэва (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.). Пабудаваны каля сутокаў рэк Краўлянка і Шляхцянка. Замак у плане — няправільны чатырохвугольнік, абнесены мураванымі сценамі, на 2-метровым падмурку. Сцены ўнізе складзены з каменю, уверсе з вонкавага боку абмураваны цэглай, у паўд. сцяне запасны ход, заходнюю праразае ўваход — праём спічастай формы. Абарону замка ўзмацнялі 2 вуглавыя вежы, размешчаныя па дыяганалі. На выш. 10 м па перыметры сцен на драўляных бэльках была баявая галерэя — памост з байніцамі ў сценах на адлегласці 2,4 м адна ад адной. У К.з. выпрацоўваліся ўмовы Крэўскай уніі 1385. У 1433 замкам авалодаў кн. Свідрыгайла, які прэтэндаваў на велікакняжацкі трон, у 1503—06 замак неаднойчы асаджалі і значна пашкодзілі перакопскія татары, у 1519 захапілі войскі маскоўскіх ваявод. Моцна пацярпеў у 1-ю сусв. вайну. Вядзецца кансервацыя, распрацоўваецца праект рэстаўрацыі.

Крэўскі замак. Рэканструкцыя М.А. Ткачова. Мастак Я.Кулік.

т. 8, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)